БРЭСТ-ЛІТО́ЎСКАЯ ЧЫГУ́НКА,

назва ў 1939—51 сеткі чыг. ліній, якая звязвала БССР з Зах. Еўропай, Літвой і Украінай і абслугоўвала Баранавіцкую, Брэсцкую, Гродзенскую, Маладзечанскую, Палескую і Пінскую вобл. Уключала чыг. лініі: Высока-Літоўск—Ковель, Брэст—Жыткавічы, Баранавічы—Слуцк, Брэст—Негарэлае, Гродна—Ліда—Маладзечна, Андрэевічы—Баранавічы, Стасілаў—Баранавічы—Лунінец і інш. Агульная даўж. чыг. ліній 1145 км і 600 км вузкакалейных ліній (1950). Упраўленне чыгункі размяшчалася ў Баранавічах. Друкаваны орган — газ. «Сталинский маршрут» (з 1940). У 1951 аб’яднана з Мінскім аддзяленнем Зах. чыгункі ў Мінскую чыгунку.

т. 3, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)